Суббота, 2022-09-24, 5:20 PM
0
Начало Каталог статейРегистрацияВход
Вы вошли как "Гость" · RSS
Меню сайта
Категории статей
Мои статьи [7]
Форма входа
Поиск по статьям
Друзья сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт

Результаты · Архив опросов

Всего ответов: 101
Статистика
Каталог статей
» Каталог статей » Мои статьи
Навуковец з Кушлян

Навуковец з Кушлян
Веска Кушляны - адзін з населеных пунктаў Смаргонскага раёна, які добра вядомы далека за яго межамі, у першую чаргу дзякуючы імені Францішка Багушэвіча. Але аказалася, што Кушляны звязаны з прозвішчам яшчэ адной цікавай і значнай асобы. Гэта Казімір Шафнагель, чалавек які жыў у Кушлянах напрыканцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў. Ён меў тытул барона, род Шафнагеляў паходзіць з Валыні, а Казімір Шафнагель патрапіў у наш край пад час будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі, дзе прымаў дзейсны удзел у будаўніцтве чыгуначнага маста каля вескі Солы праз раку Ашмянку. Квартаруючы у сядзібе Сулістроўскіх, якія былі у той час уладальнікамі Кушлян, ён пазнаёміўся з іх выхаванкай, на якой потым і ажаніўся. І ўсе ж чым знакаміта гэта асоба?
Па-першае, калі ўзяць апошняе выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, і звярнуць увагу на раздзел, дзе прыводзіцца інфармацыя аб рэдкіх імхах нашай краіны, то ў літаратуры будзе спасылка на кнігу К. Шафнагеля “Запіскі брыялагічныя”, якая была выдадзена у Вільні у 1908 годзе на польскай мове. З архіўных дакументаў вядома, што Казімір Шафнагель з 1906 г. з’яўляўся сябрам Таварыства сяброў навукі. Адначасова разам з Іванам Луцкевічам, Людвікам Абрамовічам, Аўгусцінасам Янулайцісам і іншымі ўваходзіў у археалагічную секцыю. Ён даволі актыўна працаваў у Таварыстве і ў траўні 1910 г. быў абраны ганаровым сябрам “за навуковыя працы і дапамогу, аказаную Таварыству”. Асноўным накірункам яго дзейнасці з’яўляліся батанічныя даследванні, у прыватнасці вывучэнне імхоў. Ён даследваў ваколіцы Ашмян, Смаргоні , Краснага, поймы рэк Вілія, Ашмянка, Сікуня, Уша, Бярэзіна, Пціч, ваколіцы азер Вішнеўскае, Свір, Нарач, занарачанскія балоты. Таксама была здзейснена экспедыцыя у Белавежскую пушчу, вынікам якой стаў гербарый з 80 відамі імхоў. Усяго ім было апісана каля 500 відаў і разнастайнасцей імхоў. Менавіта цяпер, праз 100 гадоў супрацоўнікі Інстытута батанікі Акадэміі навук, знаходзяць месцы росту рэдкіх “чырвонакніжнікаў “, спасылаючыся на яго даследванні.
Па-другое, Казіміра Шафнагеля можна ахарактарызаваць як палітычнага дзеяча. У лістападзе 1917 г. у некалькіх нумарах віленскай газеты “Гоман” (“Homan”) быў надрукаваны зварот “Да нашай краёвай інтэлігенцыі”. Аўтарам звароту быў зямянін Ашмянскага павету Казімір Шафнагель. Адначасова гэты зварот быў выдадзены асобнай брашурай на польскай мове. Казімір Шафнагель сцвярджаў, што беларускі народ атрымаў рэальны шанс пабудовы ўласнай дзяржавы, аднак без дапамогі інтэлігенцыі ён не будзе выкарыстаны. На думку аўтара, далучэнне да беларускага руху – гэта абавязак мясцовай “спольшчанай інтэлігенцыі” перад краем і “перад народам, с катораго вы выйшлі і сярод катораго жывёце, народам, каторы ёсць, жыве і клічэ вам: “памажыце!”Аўтар заклікаў “вярхушку” мясцовай польскай грамадскасці ўспомніць пра ўласнае беларускае паходжанне і далучыцца да беларускага нацыянальнага руху, каб паспрыяць будаўніцтву беларускай (беларуска-літоўскай) дзяржаўнасці (“гасударственасьці”). У публікацыі сцвярджалася, што дзяржавастваральная праца разам з беларускім народам дасць беларускім палякам “аснову быту” і забяспечыць “благаслаўленьне патомных пакаленьняў”. К.Шафнагель не абмежаваўся публікацыяй. Польскамоўную версію свайго звароту ён рассылаў па пошце вядомым прадстаўнікам віленскай інтэлігенцыі, асабіста размаўляў з людзьмі, якія падзялялі краёвую ідэю, і прапанаваў далучыцца да беларускага руху. Але ў лепшым выпадку суразмоўцы абяцалі толькі падтрымку беларускіх намаганняў (у прыватнасці, пра гэта заявіў інжынер Ярэмія Лукасевіч). Пазіцыю К.Шафнагеля цалкам прыняў Вінцэнт Святаполк-Мірскі. Казімір Шафнагель і Вінцэнт Святаполк-Мірскі ўвайшлі ў арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні “агульнабеларускай нацыянальнай канферэнцыі з усіх акупаваных земляў”, якая адбылася ў студзені 1918 г. і спрыяла кансалідацыі дзейнасці беларускіх арганізацыяў, якія дзейнічалі на акупаваных германскім войскам тэрыторыях.
Пасля гэтых падзей звесткі аб дзейнасці К. Шафнагеля адсутнічаюць. Вядома што у 1919 годзе ён з’ехаў у Польшчу і жыў у Варшаве. Вярнуўся у Кушляны у 1921 годзе і у сакавіку 1922 года памер ва узросце 68 гадоў. Пахаваны на мясцовых могілках, зямлю для якіх ён выдзеліў са сваіх уладанняў. Аднымі з першых пахаваных тут былі сёстры Сулістроўскія, уладальнікі Кушлян да Казіміра Шафнагеля. У Кушлянах, у цэнтры якіх знаходзілася сядзіба Шафнагелей, засталіся прыступкі былога палацу і рэшткі гаспадарчых пабудоў, якія можна ўбачыць і сёння.
Нават гэтыя звесткі гавораць нам, што Казімір Шафнагель быў значнай асобай свайго часу. Вынікі яго дзейнасці, асабліва навуковай, з’яўляюцца актуальнымі і сёння. Імя гэтага чалавека павінна увайсці у гісторыю нашага краю і заняць там пачэснае месца сярод іншых вядомых прадстаўнікоў беларускага народу.
Категория: Мои статьи | Добавил: Library-smorgon (2006-05-18) | Автор: Аляксандр Ясевіч
Просмотров: 2119 | Комментарии: 1 | Рейтинг: 5.0 |

Всего комментариев: 1
1 serb  
0
Вельмі цікавы артыкул. Да гэтага зусім не ведаў пра гэтую гістарычную асобу. Дзякуй за інфармацыю.

Имя *:
Email *:
Код *:
Бесплатный конструктор сайтов - uCoz